рус | укр

Главная

Контакты

Навигация:
Арсенал
Болезни
Витамины
Вода
Вредители
Декор
Другое
Животные
Защита
Комнатные растения
Кулинария
Мода
Народная медицина
Огород
Полесадник
Почва
Растения
Садоводство
Строительство
Теплицы
Термины
Участок
Фото и дизайн
Хранение урожая









Асноўныя этапы станаўлення прыродазнаўства сучаснага тыпу

Эмпірычнае вывучэнне прыроды і першыя тэарэтычныя спекуляцыі на аснове гэтага вывучэння мелі месца ўжо ў першабытным грамадстве. Эмпірычнае вывучэнне было звязана з практычнай дзейнасцю людзей, а першыя спробы тэарэтычнай апрацоўкі яго вынікаў адбываліся ў шчыльнай сувязі з магіяй [78, c. 11-13]. Такім чынам, навука ўжо ў гэтым прымітыўным выглядзе выявіла сваю дуалістычную духоўна-прагматычную натуру. Тэхніка ў гэты час апярэджвала тэарэтычныя спекуляцыі, практыка дамінавала над тэорыяй. Тым не менш першыя крокі на шляху вывучэння прыроды, у якасці асноўных напрамкаў якога неабходна адзначыць медыцыну, астраномію, даследаванне флоры і фаўны, былі зробленыя.

Істотнае значэнне ў плане далейшага разгортвання даследчай дзейнасці мела развіццё першабытнай эканомікі (узнікненне земляробства і жывёлагадоўлі), а таксама вынаходства пісьменства. Прагрэс вытворчасці вызваліў для людзей пэўную частку часу ад працы, неабходнай толькі для выжывання, і дазволіў, такім чынам, сканцэнтравацца на вырашэнні задач, што выходзяць за рамкі задавальнення першасных цялесных патрэбаў. Узнікненне пісьменства зрабіла магчымай значна больш эфектыўную і дакладную, чым гэта мела месца ў стыхіі вуснай традыцыі, перадачу назапашанага досведу (у тым ліку і ў сферы тэарэтычнага засваення прыроды) новым пакаленням. У такіх умовах навуковыя даследаванні маглі быць значна больш інтэнсіўнымі і плённымі. І сапраўды, у найбольш развітых цывілізацыях Старажытнага Усходу (у Міжрэччы, Егіпце) былі дасягнутыя істотныя поспехі ў тэарэтычным вывучэнні прыродных з’яў і працэсаў. Пэўныя з даследчых вынікаў, атрыманых старажытнаўсходнімі астраномамі, выкарыстоўваюцца і сёння ў такіх практыках, як, напрыклад, стварэнне каляндароў.

Неабходна адзначыць, што і для старажытнаўсходняй навукі быў характэрны згаданы вышэй дуалізм. Падпарадкаваны ў першую чаргу рашэнню практычных задач навуковы пошук і тут імкнуўся выйсці за межы вузкага прагматызму. Парадыгматычныя рамкі для сістэматызацыі эмпірычнага матэрыялу, што назапашваўся ў рамках практычнага засваення свету, стваралi пры гэтым міфалагічныя і магічныя ўяўленні. У першапачатковых навуковых даследаваннях фіксаваліся сувязі паміж натуральнымі феноменамі, якія назіраліся людзьмі, і іх міфалагічна-касмаганічнай карцінай свету. Нават у егіпцянаў, навука якіх падаецца больш рэалістычнай, чым у іншых старажытнаўсходніх народаў, у ёй шукаўся ключ да адносінаў паміж чалавекам і ўніверсумам. У цэнтры ўвагі навукі Старажытнага Усходу ўвогуле знаходзіліся хутчэй адносіны паміж феноменамі, чым самі феномены, у чым таксама выяўляецца ўплыў магіі [78, c.80-81].

Згаданая міфалагічна-касмаганічная карціна свету мае сінкрэтычны характар: логіка зліваецца ў ім з паэзіяй, абстрактнае – з вобразным, а чалавечы і прыродны свет робіцца полем дзеяння багоў і духаў, якія і выклікаюць да жыцця пэўныя прыродныя з’явы. Уяўленні, што яе ўтвараюць, падаюцца адвечнымі: невядома, хто і калі ўпершыню распавёў пра іх, і ўвогуле яны абапіраюцца на аўтарытэт традыцыі, што сягае ў глыбіню вякоў.

У VII-VI стагоддзяx да н. э. у антычнай Грэцыі склалася сітуацыя, у якой міфалагічны падыход выявіў сваю недастатковасць у плане забеспячэння патрэбаў духоўнага жыцця, што абумовіла неабходнасць новага тыпу светабачання, пагрунтаванага на рацыянальных прынцыпах. Гэтая духоўная рэвалюцыя была звязаная найперш з утварэннем антычных гарадоў-дзяржаў, з дэмакратычнымі тэндэнцыямі ў іх палітычным уладкаванні, увасабленнем якіх з’яўляецца агара. Паўнапраўныя грамадзяне поліса ў той ці іншай ступені прыцягваліся да дзяржаўнага кіравання і ўдзельнічалі ў палітычным жыцці. Гэта патрабавала ад кожнага з іх заняць сваю пазіцыю ў дачыненні да ўсеагульна важных праблем і пытанняў, знайсці і выказаць важкія аргументы на яе карысць і ацаніць важкасць і паслядоўнасць аргументацыі іншых, магчыма, больш актыўных удзельнікаў палітычнага працэсу. Такім чынам, рацыянальныя формы тэарэтычнага засваення рэчаіснасці і адпаведны тып маўлення атрымалі магутны стымул для свайго развіцця, што заканамерна прывяло да пераасэнсавання светапоглядных асноў жыцця і дзейнасці людзей.

Першым вынікам згаданага пераасэнсавання з’явіліся натурфіласофскія канцэпцыі, распрацаваныя найперш у VI стагоддзі да н. э. у Мілеце, высокаразвітым горадзе ў Малой Азіі (таму адпаведная філасофская школа атрымала назву мілецкай). Гэтыя канцэпцыі яшчэ не былі і не маглі быць абсалютна вольнымі ад міфалагічных уяўленняў (антычная Асвета мела ўвогуле значна больш памяркоўны і кампрамісны характар, чым Асвета Новага часу [38, c.276]). Тым не менш, стратэгія запытвання і кірунак пошукаў былі ўжо прынцыпова іншымі, новымі, звязанымі з адзіным іманентным, неад’емным прынцыпам усяго рэчаіснага (ἀρχή) і з неад’емна ў рэчаіснасці прысутнымі прычынамі ўсіх падзей, што ў ёй адбываюцца.[21]

У сінкрэтычным адзінстве з натурфіласофскімі пошукамі і пад іх вырашальным уплывам разгортваюцца ў гэты час і навуковыя даследаванні. І ў больш позні перыяд (V, але найперш IV cтагоддзе да н. э.) менавіта філасофія дамінавала ў пазнавальнай дзейнасці (у гэты перыяд яна набыла сваю класічную форму, гэта быў час яе росквіту). Аднак вынікі навуковых даследаванняў, якія няўхільна выкрышталізоўвалі сваю спецыфіку ў рамках цэласнага, сінтэтычнага тэарэтычнага пошуку, што адбываўся пад знакам філасофскага мыслення, уплывалі са свайго боку на творчасць філосафаў. Так, Платон імкнуўся ўлічваць у сваёй філасофіі прыроды набыткі антычных астраномаў [58, c.22], а на філасофію Арыстоцеля зрабілі самы істотны адбітак яго ўласныя біялагічныя даследаванні [56, c.29-30].

Інтэнсіўная духоўная праца антычных тэарэтыкаў дасакратычнага і класічнага перыядаў падрыхтавала ўзнікненне такога феномена, як эліністычная, александрыйская навука. Істотнае значэнне пры гэтым мелі і выяўленне вялікімі антычнымі філосафамі грунтоўных формаў дэдуктыўных разваг, і актыўны ўжытак Арыстоцелем і іншымі даследчыкамі індуктыўнага метаду, і ўсведамленне фундаментальнай ролі матэматыкі ў сферы навуковага пошуку. Александрыйская навука – адмысловы феномен у духоўнай гісторыі чалавецтва. Яна можа разглядацца і як правобраз, і як своеасаблівы эмбрыён навукі сучаснага тыпу. Прысвечаная вытанчаным, складаным праблемам, яна мела высокаматэматызаваную форму (якая часам ацэньваецца як татальная, абсалютная, так што эмпірычны аспект выглядае ў ёй нібы пазбаўленым права на існаванне[22]).

Неабходна адзначыць, што ў пэўных гістарычных даследаваннях эліністыная навука падаецца як таямнічае, невытлумачальнае “іншароднае цела” ў антычным культурным кантэксце. Пазбаўленая істотных стасункаў з іншымі культурнымі феноменамі, яна цікавіла нібыта толькі яе творцаў, а таксама прадстаўнікоў пталемееўскай дынастыі, што невядома з якіх прычын падтрымлівалі яе [58, c.55]. У такім меркаванні фіксуецца (безумоўна, у перабольшаным выглядзе) своеасаблівы характар александрыйскай навукі. Ні ў якім разе нельга, аднак, пагадзіцца з канстатаванай тут поўнай яе выключанасцю з агульнакультурнага кантэксту Антычнасці. Па-першае, яе ўзнікненне было падрыхтавана, як указвалася вышэй, яе вялікімі папярэднікамі, вынікі працы якіх зусім справядліва набылі статус класічных. Па-другое, яе нельга вырываць з таго ўсеагульнага грамадскага і культурнага кантэксту, у якім разгортвалася пазнавальная дзейнасць грэкаў, складовай часткай якой яна з’яўляецца.

Пры ўсіх сваіх дасягненнях (дастаткова ўзгадаць імя Архімеда і ўсё зробленае ім у галіне механікі, гідрастатыкі, оптыкі) антычная навука і яе найвышэйшая форма – навука эліністычная – не можа разглядацца як тоесная навуцы сучаснага тыпу. Справа ў тым, што яна не мела такога магутнага цывілізацыйнага падмурку для свайго развіцця, які мае сучасная навука. Акрамя таго, у адрозненне ад апошняй яна не была татальна эксперыментальнай. Гэта звязана з яе парадыгматычнай сузіральнасцю, якая карэніцца ў канчатковым выніку ў грэблівым стаўленні да ўсялякай фізічнай працы як наканавання рабоў [40, c. 222].

Тым не менш антычная навука мае каласальнае гістарычнае значэнне, яна паўплывала самым істотным чынам, на далейшае разгортванне навуковага пошуку, у тым ліку і на даследаванні стваральнікаў навукі сучаснага тыпу. Яна ўвогуле ўяўляе сабой грунт усяго развіцця навуковага пазнання ў заходняй цывілізацыі. У ёй закладзеныя асновы вялікага ідэалу навуковай дзейнасці – ідэалу адданасці праўдзе і яе пошуку. Разам з тым неабходна адзначыць, што навука антычнай эпохі – гэта найперш навука старажытных элінаў. Рымляне выступаюць у дадзеным дачыненні хутчэй як сістэматызатары і эпігоны.

Сярэднявечная навука (V-XV стcт.) развівалася ва ўмовах дамінавання рэлігіі. У гэтай сувязі паўстае пытанне, як уплывала хрысціянства на развіццё навукі ў заходнім культурным абсягу. На яго нельга даць адназначны адказ. З аднаго боку, (асабліва напачатку) сярод хрысціянаў была вельмі пашыраная падазронасць у дачыненні да навукі і боязь яе як занятку свецкага, у дадатак да ўсяго шчыльна звязанага з паганскай культурай. Разам з тым мела месца і ўзмацнялася іншая пазіцыя: праз навуку, праз прыродазнаўства чалавек можа ўзняцца да больш глыбокага разумення такога Боскага тварэння, як фізічны свет, падзівіцца на мудрасць і магутнасць Бога і адчуць удзячнасць за тое, што Бог дазваляе далучыцца да яе праз яе пазнанне. (Менавіта такая пазіцыя была занята Святым Аўгустынам, мысляром, якога нярэдка завуць настаўнікам Захаду.)

Адмысловае месца ў пазнавальных практыках дадзенай эпохі займае ісламская навука. Па сваіх істотных характарыстыках яна надзвычай блізкая навуцы сучаснага тыпу, і найперш трэба адзначыць той момант, што яе прадстаўнікі ў значна большай ступені, чым дзеячы антычнай навукі, звяртаюцца да эксперыментаў. Ісламская навука дасягнула істотных поспехаў у розных галінах пазнання (узгадаем, напрыклад, Авіцэну і яго працы ў галіне медыцыны, якія яшчэ нават у ХVII cт. і ў хрысціянскім, і ў ісламскім свеце выконвалі ролю стандартных медыцынскіх тэкстаў). Яна моцна паўплывала на развіццё еўрапейскай філасофіі і навукі, на выспяванне перадумоў станаўлення навуковага пазнання сучаснага тыпу. Аднак, як і ў дачыненні да антычнай навукі, у дадзеным выпадку нельга весці гаворку пра трывалы цывілізацыйны падмурак для навукова-даследчай дзейнасці, і “залаты век” ісламскай навукі (VIII-XIII стст.) змяніўся заняпадам (у немалой ступені ў сувязі з мангольскімі заваёўніцкімі войнамі).

Кантакты еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі з ісламскім светам адкрылі еўрапейцам доступ да шматлікіх антычных і арабскіх тэкстаў, што значна ўзбагаціла пазнавальныя практыкі сярэднявечнай Еўропы. Істотная роля ў перакладзе і распаўсюджванні гэтых тэкстаў належала ўніверсітэтам, адкрыццё якіх у XII стагоддзі выступіла як магутны фактар ажыўлення інтэлектуальнага жыцця на сярэднявечным еўрапейскім абшары. Надзвычай важным у кантэксце развіцця навукі момантам у згаданым ажыўленні быў пачатак распрацоўкі навуковай метадалогіі (Роберт Гросэтэстэ (1175-1253), Роджэр Бэкан (1214-1294)).

Навуковыя даследаванні, што праводзіліся ў эпоху позняга Сярэднявечча, былі сканцэнтраваны на фізічнай праблематыцы. Асноўныя вынікі былі ў гэты час дасягнутыя ў працэсе аналізу навуковых твораў Арыстоцеля і фіксаваліся ў іх каментарыях. У дадзенай сувязі ў першую чаргу неабходна адзначыць даследаванні прадстаўнікоў Парыжскай школы (Жана Бурыдана (каля 1300-1358), Мікалая Арэзмскага (каля 1320-1382)), якія рыхтавалі глебу для Вялікай навуковай рэвалюцыі пачатку Новага часу (XVII ст.).

Працэс яе падрыхтоўкі паскорыўся, зрабіўся імклівым у эпоху Рэнесансу (XIV-пач. XVII ст.), эпоху пераходнага характару і таму надзвычай супярэчлівую, складаную і бурную. Менавіта ў гэты час быў створаны эмбрыён навукі новага, сучаснага тыпу і былі выпрацаваныя спрыяльныя ўмовы для таго, каб ён убачыў свет. Непасрэдным вынікам гэтай напружанай духоўнай працы якраз і з’яўляецца згаданая вышэй Вялікая навуковая рэвалюцыя. І такое разгортванне падзей выглядае цалкам заканамерным, сама атмасфера эпохі, напоўненая прагай сацыяльных зменаў, рэформ і навацый, памкненнем да індывідуальнай самастойнасці ў думках і дзеяннях, да самаздзяйснення і самадасканалення давала яму магутныя імпульсы (і зведвала яго зваротны ўплыў). Гэта быў час неспрыяльны для ўсялякага кшталту догмаў і надта спрыяльны для ўсталявання рацыянальна-крытычнага погляду на навакольны свет (які мог, аднак, мудрагеліста спалучацца з містычнымі ідэямі і практыкамі). Нездарма ў ім усе аспекты і бакі індывідуальнага і грамадскага жыцця прыйшлі ў рух (і не толькі ў пераносным сэнсе – згадаем развіццё мараплаўства і Вялікія геаграфічныя адкрыцці). Радыкальныя змены ў карціне свету, у самім спосабе светабачання стымуляваліся і вялікімі дасягненнямі ў тэхналагічнай сферы, найперш вынаходствам кнігадрукавання (1453 г.). Дзякуючы стварэнню друкавальнага станка адбылася радыкальная дэмакратызацыя навуковага пазнання і яно атрымала новыя, магутныя крыніцы духоўнай энергіі.

Самым істотным чынам паспрыяла разгортванню рэвалюцыйных пераўтварэнняў навукі яе плённае ўзаемадзеянне з іншымі духоўнымі формамі, у кожнай з якіх у гэты час панавала атмасфера пошуку, руху, творчасці. Як будзе паказана ніжэй (2.5), пры разглядзе працэсу станаўлення біялагічных ведаў сучаснага тыпу, магутныя імпульсы згаданым пераўтварэнням надалі непасрэдныя, інтэнсіўныя і надзвычай плённыя стасункі навуковага пазнання і рэнесансавага мастацтва. Кардынальныя змены ў сферы навукі стымуляваліся таксама бурнымі падзеямі, што адбываліся ў дадзеную эпоху ў рэлігійным і царкоўным жыцці. Рэфармацыйны рух з уласцівым яму акцэнтаваннем неабходнасці вяртання да першапачатковай чыстай веры і ў сувязі з гэтым грунтоўнай важнасці рэлігійных першакрыніц спрыяў новаму навуковаму падыходу да прыроды, звернутаму да яе самой, да яе першасведчанняў, якія можна атрымаць праз назіранні і эксперыменты.

Надзвычай інтэнсіўным, багатым на падзеі і вынікі было і ўзаемадзеянне рэнесансавай навукі і філасофіі, якому належала, безумоўна, фундаментальная роля ў працэсе перабудовы навуковых ведаў. Найперш неабходна адзначыць у гэтым плане філасофска-крытычны, рэфлексіўны аналіз асноў навукова-даследчай дзейнасці, асноў навуковай метадалогіі, які вёўся адраджэнскімі тэарэтыкамі. У выніку адпаведных намаганняў была ясна ўсведомленая і падкрэсленая (у творчасці Леанарда да Вінчы, напрыклад [46, т. 12, c. 906-907]) неабходнасць спалучэння ў абсягу навуковага пошуку эмпірычных даследаванняў і матэматычных доказаў, а таксама практычнай скіраванасці навукі. Пры гэтым, каб абгрунтаваць неабходнасць прыцягнення матэматыкі ў кола прыродазнаўчага пошуку, часам прыводзіліся аргументы містычнага характару, як у І.Кеплера [24, c.127].

У дадзенай сувязі варта адзначыць істотную ролю, што належала ў працэсе распрацоўкі асноў навуковага метаду платанізму і неаплатанізму, а таксама досыць блізкаму да іх герметызму. (Тут выразна выяўляецца падкрэсленая вышэй запатрабаванасць філасофіі ў абсягу навукі на крызісных, пераломных для яе развіцця этапах.) Герметызм – гэта вучэнне, якое прыпісваецца егіпецка-эліністычнаму богу Гермесу Трысмегісту. Містычнае па сваёй сутнасці, яно заклікала чалавека ўзняцца да адмысловага стану, у якім ён быў бы здольны інтуітыўна спасцігнуць Боскую існасць, а значыцца і існасць выратавання, і ў якім ён змог бы “ў сабе самім адкрыць элементы Боскага, дасягаючы містычнай сімпатыі паміж светам і чалавецтвам” [78, c.383]. Герметызм улучаў у сябе моцны піфагарэйска-платанічны кампанент і таму, як і платанічная філасофія, забяспечваў матэматычным аб’ектам высокі статус, што давала стваральнікам новай навукі метафізічныя аргументы на карысць актыўнага ўжывання матэматыкі ў прыродазнаўчых даследаваннях.

Неабходна, аднак, мець на ўвазе амбівалентнасць і супярэчлівасць уплыву на навукова-даследчую дзейнасць з боку містычных філасофскіх вучэнняў: у пэўных выпадках і ў пэўных адносінах, як лічаць некаторыя гісторыкі навукі, такога кшталту пазіцыі выступалі як перашкоды для яе паспяховага разгортвання [24, c. 185-187]. Гэта выразна падкрэслівае важнасць інтэнсіўнага філасофскага пошуку саміх навукоўцаў: надта важкія негатыўныя наступствы цягнуць за сабой неадэкватныя пэўнай пазнавальнай сітуацыі філасофскія падставы іх даследаванняў.

Што да досведу, дык у гэты час замацоўваецца меркаванне, паводле якога яму належыць роля “арбітра ў пошуках цалкам здавальняючага апісання свету” [58, c.78]. У выпадку І.Кеплера згаданая “адкрытасць” да досведу ўзмацнялася яго інтэрпрэтацыяй эмпірычных фактаў як “дадзеных Богам і, значыцца, як таго, што неабходна прыняць з усёй пакорай” [58, c.78]. І ён не толькі дэклараваў гэта, ён выконваў (нават педантычна выконваў) дадзенае патрабаванне ў працэсе сваіх даследаванняў [58, c.79].

Надзвычай важнай вяхой у працэсе ўзнікнення навукі сучаснага тыпу была распрацоўка ідэі прыроднага закона як неабходнай сувязі паміж з’явамі, якая найбольш адэкватна перадаецца праз матэматычныя функцыянальныя залежнасці. Ля вытокаў гэтай ідэі ў навуковай культуры Новага часу таксама стаіць І.Кеплер. У яго, як пазней і ў Дэкарта, яна мела, аднак, тэалагічную падставу: закон азначае звядзенне разнастайных феноменаў да адзінства, усталяванага Богам у акце тварэння [40, c.114].

Вызначыць, на які час прыпадае пачатак навуковай рэвалюцыі, з якімі падзеямі і з якімі дзеячамі навукі ён звязаны, – справа нялёгкая: дастаткова сказаць, што некаторыя даследчыкі аспрэчваюць нават рэвалюцыйны характар тэорыі Каперніка [25, c.63]. Найбольш слушным падаецца ў дадзенай сувязі меркаванне, згодна з якім вырашальныя трансфармацыі навуковых ведаў адбыліся ў XVII стагоддзі. Неабходна падкрэсліць, што ў гэты час працягваецца інтэнсіўная праца, скіраваная на выяўленне істотных характарыстык навуковай метадалогіі. У выніку прапаноўваюцца тры асноўныя версіі новай праграмы навуковых даследаванняў. Першая з іх звязаная з творчымі пошукамі Г.Галілея, яна развівае згаданыя вышэй ідэі І.Кеплера. Яе найістотнейшая рыса – перакананне ў тым, што матэматычныя пабудовы выяўляюць істотныя характарыстыкі рэальнага стану рэчаў і што абгрунтаваныя пры дапамозе матэматычных працэдур тэарэтычныя палажэнні дапускаюць эмпірычную, эксперыментальную праверку і патрабуюць яе. Яна нацэльвае на стварэнне ідэалізаванай карціны рэальных працэсаў, якая праз згаданую эксперыментальную праверку не страчвае сувязі з гэтымі працэсамі.

Другая версія навуковай праграмы знайшла сваё найбольш яскравае абгрунтаванне і ўвасабленне ў творчасці Р.Дэкарта. Гісторыкі навукі характарызуюць яе як “кінетычны карпускулярызм” [58, c.80] і бачаць у ёй спробу адрадзіць антычны атамізм, надаўшы яму строгую матэматычную форму ў традыцыях александрыйскай навукі. Істотнае значэнне ў ёй надаецца таксама дэдуктыўнаму спосабу выбудоўвання разваг, у якіх здзяйсняецца тэарэтычная дзейнасць. З галілееўскай версіяй версію Дэкарта лучыць матэматычная канцэпцыя руху, так што паўстае пытанне пра магчымы непасрэдны ўплыў Галілея на яе распрацоўку, наяўнасць якога, аднак, сам Дэкарт рэзка і катэгарычна адмаўляў [58, c.81].

І, нарэшце, трэцяя версія навуковай праграмы была распрацаваная Ф.Бэканам. У ёй развіваецца ідэя эксперыментальнага засваення прыроды, падкрэсліваецца эўрыстычная значнасць эксперыментаў (у адрозненне ад галілееўскай версіі, дзе за імі замацоўваецца найперш функцыя праверкі і кантролю, хоць Г.Галілей у сваіх пошуках зусім не ігнаруе і эўрыстычны тып эксперыментавання [58, c.83]). Ф.Бэкан падкрэслівае таксама здольнасць навукі кардынальна змяніць жыццё чалавецтва, паспрыяць рашэнню грунтоўных сацыяльных праблем і нацэльвае яе, такім чынам, на дасягненне адпаведных мэтаў (што не магло не знайсці станоўчы водгук у грамадстве).

Неабходна адзначыць, што на працягу XVII стагоддзя адбывалася плённае ўзаемадзеянне згаданых падыходаў да вывучэння прыроды, якое падрыхтавала глебу для іх творчага сінтэзу, здзейсненага ў навуковых даследаваннях І.Н’ютана, вынікі якіх яскрава засведчылі факт нараджэння навукі сучаснага тыпу.

Дадзеная падзея, як указвалася вышэй, была абумоўленая развіццём грамадства ўвогуле. Навука сучаснага тыпу была неабходнай і запатрабаванай у арганізаваным на новых прынцыпах грамадскім жыцці. Тым не менш за сваё грамадскае прызнанне яна мусіла змагацца з усіх сіл: надта смелай і нязвыклай яна была ў сваіх падыходах і ідэях, каб быць проста і лёгка прынятай у грамадстве, якое дагэтуль стагоддзямі традыравала пэўную – асвечаную хрысціянскай рэлігіяй і царквой – карціну свету і пэўную – хрысціянскую – сістэму каштоўнасных каардынат. Праўда, І.Прыгожын і І.Стэнгерс даводзяць пра “рэзананс, г. зн. узаемнае ўзмацненне, двух дыскурсаў” – навуковага і тэалагічнага, [75, c.46]. Славутыя аўтары, мяркуючы па ўсім, шмат у чым маюць рацыю. Неабходна, аднак, адзначыць, што на шляху згаданага ўзаемнага ўзмацнення і спрыяння існавалі магутныя перашкоды, бо ўсвядоміць унутраную блізкасць сучаснай навукі і рэлігійнага дыскурсу для шырокай масы людзей было звышскладанай задачай. Менавіта таму новая навука мусіла прабіваць сабе дарогу праз канфлікты і калізіі, нястомна пераконваючы сучаснікаў і сведкаў працэсу яе нараджэння (найперш вуснамі Ф.Бэкана) у сваёй каласальнай практычнай значнасці ці (напрыклад, вуснамі Г.Галілея) у суладнасці яе ідэй з прынцыпамі хрысціянскага веравучэння. Відавочна, аднак, што ў гэтых сваіх намаганнях яна ў канчатковым выніку была асуджаная на поспех.

У дадзенай сувязі паўстае пытанне, чаму навука сучаснага тыпу ўзнікла менавіта ў заходнім культурным асяродку. Індыйская, кітайская, арабская цывілізацыі таксама дасягнулі значных поспехаў у навуковым пазнанні прыроды. Але ні дасягненні навукі, ні тэхнічныя вынаходствы (компас, папера, кнігадрукаванне, порах у Кітаі былі вынайдзены раней, чым у Еўропе) не мелі ў іх такога дэстабілізацыйнага эфекту, якi яны выклікалі на заходнім цывілізацыйным абшары [75, c.45-46]. Як указваюць І.Прыгожын і І.Стэнгерс, у сацыяльным плане такая сітуацыя была абумоўленая тым, што напрыканцы Сярэднявечча еўрапейскія інтэлектуалы ў асноўным не залежалі ад уладаў і вылучаліся схільнасцю “да інавацыяў, да вычарпання ўсіх іх магчымасцяў, якімі б небяспечнымі для грамадскага парадку яны ні былі”, у той час, напрыклад, як кітайскія навукоўцы “былі чыноўнікамі, абавязанымі прытрымлівацца бюракратычных правілаў”, належалі да бюракратычнага дзяржаўнага апарату, які меў на мэце падтрыманне грамадскага статус-кво [75, c.45]. Знаўцы гісторыі і культуры Кітая адзначаюць таксама, што праз уласцівае гэтай культуры ўяўленне пра гарманічнае ўладкаванне свету ў ёй не было выпрацавана паняцце закона прыроды [75, c.48-49].

Ідэя, паводле якой прыродныя працэсы падпарадкоўваюцца пэўным заканамернасцям, праз пазнанне якіх можна дасягнуць панавання над прыродай, мела грунтоўнае значэнне ў заходнім культурным асяродку і заставалася чужой для Усходу. Менавіта заходняя цывілізацыя спарадзіла той дынамічны, дзейны і зацікаўлены ў веданні законаў прыроды тып асобы, пра які вялася гаворка вышэй. У канчатковым выніку пытанне пра тое, чаму ён з’явіўся менавіта на заходнім цывілізацыйным абшары, узыходзіць да пытанняў пра спецыфіку заходняй і ўсходняй культур, пра сутнасць і характар гістарычнага развіцця чалавецтва ўвогуле, пра прычыны яго нераўнамернасці – пытанняў, якія патрабуюць і заслугоўваюць спецыяльнага аналізу, што выходзіць за межы задач дадзенага дапаможніка.

Такім чынам, на працягу ўсёй сваёй гісторыі чалавецтва імкнулася спасцігнуць існасць прыродных з’яў і працэсаў. У эпоху элінізму, у Сярэднявеччы – у асяродку ісламскай цывілізацыі – спасціжэнне прыроды набліжалася да навуковага ўзроўню ў сучасным яго разуменні. Аднак адпаведным інтэлектуальным намаганням – дастатккова паспяховым і плённым – бракавала трывалага сацыяльнага падмурку, глыбокай грамадскай зацікаўленасці ў няспынным разгортванні даследаванняў, скіраваных на адкрыццё законаў, якім падпарадкоўваюцца прыродныя феномены. Такі падмурак утварыўся толькі ў Новы час, ва ўмовах дынамічнага заходняга грамадства, у якім на пярэдні план выходзіць прагматычная і дзейная асоба. У гэтых умовах і адбылося нараджэнне навукі сучаснага тыпу – у выніку складаных духоўных працэсаў, сярод якіх істотнае значэнне мела плённае ўзаемадзеянне розных пазнавальных праектаў і падыходаў, сінтэзаваных у даследчай дзейнасці Н’ютана. Вынікі гэтай дзейнасці выступаюць як найяскравейшае сведчанне згаданага нараджэння.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Якое значэнне мела (і мае) для развіцця навукі міфалагічна-касмаганічная карціна свету?

2. Правядзіце параўнальны аналіз розных этапаў гістарычнага станаўлення навукі сучаснага тыпу з пункту гледжання тых мэтаў, якімі вызначаўся на іх навуковы пошук.

3. Сучасны французскі філосаф Д.Лекур лічыць выраз “закон прыроды” няўдалым і неадэкватным сутнасці навуковага пазнання. У ім захоўваюцца тэалагічныя канатацыі, бо ён з неабходнасцю вядзе да ўяўлення пра законадаўца [26, c.592-595]. Наколькі ўдалым бачыцца гэты тэрмін Вам? Калі ён падаецца Вам цалкам прымальным, дык як адказалі б Вы на пытанне пра тое, хто ў такім выпадку з’яўляецца заканадаўцам?

4. Як бы Вы адказалі на пытанне пра прычыны таго факта, што навука сучаснага тыпу паўстала менавіта на заходнім культурным абшары?

Просмотров: 301

Вернуться в категорию: Почва

© 2013-2017 cozyhomestead.ru - При использовании материала "Удобная усадьба", должна быть "живая" ссылка на cozyhomestead.ru.